КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,

украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст. Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.​Грабянкі і С.​Вялічкі.

Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.​Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр. землях.

Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)